РАЧНЫ́Я РА́КІ,

падатрад поўзаючых ракаў (Reptantia) атр. дзесяціногіх ракападобных. 3 сям. Пашыраны ў прэсных вадаёмах умераных паясоў зямнога шара, апрача Афрыкі. Жывуць у рэках, ручаях, пячорных вадаёмах. Укрываюцца ў норах. Адчувальныя да якасці вады. На Беларусі 2 віды Р.р.: вузкапальцы (Astacus leptodactylus) і шыракапальцы (A. astacus, або A. fluviatilis), які занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 30 см (мадагаскарскага Р.р. да 80 см), маса да 150 г. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей і брушка з 6 сегментаў, укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя, сцябліністыя. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, спажываюць і жывёльны корм (пераважна рэшткі). Раздзельнаполыя. Пры росце некалькі разоў ліняюць Шэраг відаў — аб’екты промыслу і развядзення.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Рачны рак шыракапальцы.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)